Пра аўтараў артыкула “Падарожжа ў часе”
Тукай
Шавель
|
Для кожнага чалавека дзень нараджэння – гэта той дзень, калі разумееш, што прыходзіць сталасць, назапашваецца жыццёвы вопыт. А яшчэ – свята, на якое запрашаеш самых дарагіх гасцей і чуеш у свой адрас толькі самыя прыемныя словы. Але імяніннікамі бываюць не толькі людзі. Імяніннікам 8 лютага быў народны літаратурна-краязнаўчы музей імя В.П. Таўлая сярэдняй школы №4 г.Баранавічы. Яму споўнілася 15 гадоў. Узрост, самі разумееце, маленькі нават для чалавека. Аднак за гэтыя паўтара дзесятка гадоў зроблена столькі, што можна пазайздросціць ініцыятыве, працавітасці, апантанасці яго стваральнікаў. 8 лютага 1992 года музей гасцінна расчыніў дзверы і цалкам даверыў свае набыткі цікаўным вачам першых наведвальнікаў. Аднак, як лічыць сучасны кіраўнік музея, настаўніца гісторыі Ніна Мікалаеўна Шавель, гісторыя музея пачалася значна раней: у 1968 годзе, калі ў школу прыйшла працаваць маладая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Пятроўна Яхант. З самага пачатку педагагічнай працы яна захапілася краязнаўчай дзейнасцю. Трэба адзначыць, што ў той час большасць вучняў былі дзецьмі ваенных, і беларуская мова для іх не была абавязковай для вывучэння. Аднак Алене Пятроўне ўдалося іх зацікавіць: яна шмат падарожнічала са сваімі выхаванцамі, але на экскурсіі запрашаліся толькі тыя, хто вывучаў беларускую мову. Гэтыя падарожжы па гістарычных мясцінах горада і наогул Беларусі падштурхнулі да пачатку даследчай дзейнасці па вывучэнні мінулага роднага краю. З 1978 па 1992 гг. Алена Пятроўна вяла ў школе літаратурны клуб “Полымя”. А праца па арганізацыі музея пачалася ў 1986. За тэмай звярнуліся ў гарадскі краязнаўчы музей. Там і прапанавалі работу па даследаванні творчага шляху паэта-змагара Валянціна Паўлавіча Таўлая. І для членаў клуба пачалася перапіска, арганізоўваліся новыя экскурсіі, экспедыцыі, адбываліся цікавыя сустрэчы, ладзіліся вечары. Вучні сустракаліся з Максімам Танкам, наведвалі мясціны, звязаны з імем Таўлая. Алена Пятроўна ўспамінае, з якой радасцю дзеці атрымоўвалі пасылкі і бандэролі з кнігамі, пісьмы з успамінамі і фотаздымкамі. Аднак Алена Пятроўна ўспамінае, як цяжка было ствараць музей, папаўняць яго экспанатамі. І гэта ўсяго за чатыры гадзіны выхаваўчай работы ў тыдзень! Аднак дапамагалі ўсе: дырэктар Уладзімір Уладзіміравіч Тамко (зараз на пенсіі), завуч Ала Анатольеўна Шпакоўская (цяпер дырэктар СШ №7), настаўнікі, вучні, іншыя неабыякавыя людзі. Дзякуючы залатым рукам мужа Алены Пятроўны Кусцінскага Канстанціна Мікалаевіча была зроблена ўся сталярная работа, ён жа з’яўляецца і аўтарам любімай многімі наведвальнікамі “Сялянскай хаткі”. І ўжо праз год, у 1987 годзе, адбыўся вечар, прысвечаны дню нараджэння В.П. Таўлая, на які былі запрошаны сябры і паплечнікі паэта па партызанскай барацьбе, а таксама паэты Слонімшчыны. З гэтага дня такія вечары стануць традыцыйнымі. Дарэчы, 27 красавіка будзе адзначацца 60-годдзе з дня смерці Валянціна Таўлая. Гэтая падзея таксама не застанецца па-за ўвагай: плануецца правесці літаратурную гасцёўню і запрасіць паэтаў. Праз пэўны час музей стаў выхаваўча-культурным цэнтрам не толькі школы, а, бадай, усяго горада. Праца Алены Пятроўны і яе шматлікіх памочнікаў, нарэшце, была ацэнена: у 2000 годзе музею было прысвоена званне “народны”, а імя стваральніцы цяпер можна знайсці ў энцыклапедыі “Хто ёсць хто ў Беларусі”. На жаль, стан здароўя не дазволіў Алене Пятроўне займацца любімай справай, і з 2003 года кіраўніком стала Ніна Мікалаеўна Шавель, чалавек адказны, творчы, зацікаўлены. Таму работа ў музеі працягваецца: праводзяцца экскурсіі, адбываюцца новыя сустрэчы, вечарыны. Нараджаюцца новыя формы дзейнасці вучняў. Музей аддае свае пакоі для правядзення фрагментаў урокаў, выхаваўчых мерапрыемстваў. Не спынена работа і па назапашванні экспанатаў, адкрыцці новых экспазіцый. Пераемнікам традыцый стаў гурток “Пошук”, з’явілася лектарская група, у якую ўваходзяць вучні старэйшых класаў. Яны прыходзяць да малодшых і праводзяць своеасаблівыя лекцыі на самыя розныя тэмы. Работа гуртка грунтуецца на навукова-даследчай дзейнасці і вывучэнні гісторыі роднага краю. Так, у красавіку 2005 года гурткоўцы здзейснілі экскурсію ў Полацк, дзе пасябравалі з музеем беларускага кнігадрукарства імя Францыска Скарыны. Дзякуючы гэтай паездцы літаратурная экспазіцыя музея папоўнілася новымі экспанатамі. А яшчэ адным вынікам новага знаёмства стаў фільм пра Полацк, на аснове якога гурткоўцамі было распрацавана і праведзена для вучняў 10-х класаў завочнае падарожжа “Слаўны горад Полацк”. Месцам правядзення стаў школьны музей. Членамі гуртка “Пошук” была даследавана гісторыя будаўніцтва, разбурэння і адраджэння Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Пачапава Баранавіцкага раёна. Цяпер даследуецца гісторыя царквы ў вёсцы Вялікая Сваротва, дзе быў хрышчоны наш зямляк, аўтар буквара, перакладчык, вучоны Анатоль Канстанцінавіч Клышка. Ён, дарэчы, наш даўні сябра. Прыязджаў на святкаванне 90-годдзя з дня нараджэння В.П. Таўлая, а зараз паміж музеем і Анатолем Канстанцінавічам вядзецца актыўная перапіска. І вось праз паўтара дзесяцігоддзі пасля заснавання музей зноў запрашае самых дарагіх, паважаных людзей, каб падзяліцца радасцю: мы існуем, мы дзейнічаем, мы жадаем вас бачыць. Аднак запрошаных было больш, чым тых, хто прысутнічаў на свяце. На жаль, не змог прыехаць з-за вялікай занятасці Анатоль Клышка. Стан здароўя не дазволіў пабываць на свяце роднай сястры В.П. Таўлая, Ніне Паўлаўне Радзюкевіч-Таўлай, але яна даслала пісьмо з удзячнасцю і вельмі цёплымі словамі віншавання. Яе пісьмо стане яшчэ адным экспанатам: Ніна Паўлаўна перапісала верш, які брат пакінуў у яе альбомчыку і які, напэўна, ніколі нідзе не друкаваўся. І ўсё ж гасцей было многа. Іх запрашалі на сцэну, па традыцыі давалі слова. Сярод гасцей былі і прадстаўнікі шэфаў – в/ч 35544. Намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце Ігар Пятровіч Чалядка выказаў удзячнасць калектыву школы за тое, што з дзяцінства выхоўваецца самае галоўнае пачуццё для абаронца Айчыны – патрыятызм. А заснавальніца музея Алена Пятроўна атрымала ў падарунак ад ваенных маляўнічае выданне аб родным горадзе. Як прыемна было чуць слова “калега” ў адрас тых, хто ствараў школьны музей, з вуснаў прафесіяналаў – дырэктара гарадскога краязнаўчага музея Станюк Ірыны Паўлаўны і супрацоўніцы цэнтральнай бібліятэкі (апошняя, дарэчы, носіць імя В.П. Таўлая) Урублеўскай Людмілы Вікенцьеўны! У гэты дзень са сцэны гучалі не толькі вершы Таўлая (іх цудоўна прадставілі вучні 9-11 класаў), але і пра Таўлая. З імі на дзень нараджэння паэта-змагара прыйшлі баранавіцкія паэты. Сярод іх – Алесь Кас’янавіч Корнеў. Раіса Мікалаеўна Раманчук здзівіла ўсіх тым, што складала вершы літаральна ў зале і зараз жа прадстаўляла іх слухачам. А Іван Пімінавіч Лагвіновіч прымусіў занадта “ўрачыстых” гасцей усміхнуцца і ўспомніць школьнае дзяцінства, калі прачытаў лёгкія гумарыстычныя вершы. Не засталіся ў баку і вучні школы. Пад кіраўніцтвам настаўніцы працы, “Чалавека года-2006” Людмілы Якаўлеўны Давыдавай дзяўчаты стваралі праекты, якія потым удзельнічалі ў гарадскіх і абласных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, займалі прызавыя месцы і станавіліся пераможцамі. Так, дзесяцікласніца Вольга Зыбайла падаравала музею сваю работу “Пасхальныя матывы”, дзевяцікласніца Яна Качкар – праект “І гэта спадчынай завецца” і работу ў тэхніцы “тафтынг”, Таісія Хазанава – праект “Беларускія матывы, а Вольга Сірыська – “Свет матылёў”. Гэтыя падарункі стануць экспанатамі музея, і іх убачаць усе наведвальнікі, бо гэтыя праекты напрамую звязаны з гісторыяй Беларусі, народнымі традыцыямі. Дзень нараджэння музея нагадваў сапраўдны трыумф беларускай мовы. Ці не да гэтага імкнуўся В.П. Таўлай, калі вымусіў запісаць у графе “нацыянальнасць” замест слова “паляк” сваю сапраўдную прыналежнасць – “беларус”? На шчасце, яго мара здзейснілася, не былі дарэмнымі яго пакуты і намаганні. Праз столькі дзесяцігоддзяў дзяўчынкі-васьмікласніцы з агеньчыкам у вачах узнёсла спяваюць песні на беларускай мове. Зала ў захапленні ад выступлення прафесіянальных спевакоў – ансамбля народнай песні з музычнага вучылішча. А калі вучаніца 11 класа Аляксандра Ешчанка спявала “Белую Русь”, усе ў зале стоячы падпявалі ёй. І кожнага ў гэты час перапаўняла пачуццё гонару. Алена Пятроўна музей іначай як “маё дзіцятка” не называе, і матчына любоў да яго не гасне ніколі. Што ж, дарагая Алена Пятроўна, прыходзьце на дзень нараджэння свайго дзіцяці ў наступным годзе: як нехта з гасцей пажартаваў, адзначым 16-годдзе і ўручым пашпарт. Імянінніку ж пажадаем расці, развівацца, ніколі не старэць і кожны раз здзіўляць гасцей.
|